57

Зажыначныя песні. «Ліпень косіць і жне, спаць не дае!»

"Аргументы и факты" в Беларуси № 28. Я иду тебя искать 09/07/2024

Па народных прыметах 21 ліпеня (8 ліпеня па старому стылю), надыходзіць Пракоп-жнец, а разам з ім і самая гарачая пара – жніво. «Ліпень косіць і жне, спаць не дае!» Лічылася, што лета ўваходзіць у гарачы ўзрост, самы час ладзіць Зажынкі.

Продкі адводзілі Зажынкам вельмі важную ролю. Лічылася, як пройдуць Зажынкі, такім і будзе ўвесь ураджай. Таму да гэтай урачыстасці добра рыхтаваліся. Напярэдадні прыбіралі дом, засцілалі стол чыстым палатном, ладзілі святочны пачастунак.

На наступны дзень адпраўляліся ў поле. Па народных павер’ях, першыя каласы жніцы скручвалі і затыкалі за пояс, каб не хварэла спіна і не было ламоты ў паясніцы. Першы сноп давалі гаспадару, які падкідваў яго ўверх. Лічылася, чым вышэй – тым больш добры будзе ўвесь ураджай. Збожжа першага снапа таксама лічылася вельмі карысным.

Ой, рада, рада шэра перапёлка,
Што лета даждала, рада, рада,
Ой, рада, рада наша гаспадынька,
Што жыта пажала, рада, рада…

***

Жала я ды жыцечка пры дарозе,
Павесіла калысачку на бярозе.
Вісі, вісі, калысачка, не хітаніся,
Спі, мая дзіцяначка, не прачніся.
Жала я ды жыцечка пры даліне,
Павесіла калысачку на каліне,
Вісі, мая калысачка, не цяніся,
Спі, мая дзіцятачка, не павярніся.

Паводле павер’яў, дзякуючы правядзенню абраду Зажынак каласы хлеба цяжэлі, а зямля станавілася больш урадлівай. Зажынкі адзначалі ўсёй вёскай – з танцамі, песнямі, прыпеўкамі, якія былі прысвечаны цяжкай сялянскай працы і працавітасці хлебаробаў.

Жала, жала да вечара,
Баліць мая сярэдзіна,
Я й жала, не ляжала,
За дзень капы не нажала,
Я й думала тры капы,
Аглянуся – от тры снапы.

Цікавае павер’е: лічылася, што ў гэты дзень на палях з’яўляецца камаха (так называлі чарвяка-шкодніка). Казалі, што яна звіваецца ў клубок, які катаецца па зямлі. Калі такі клубок трапіцца чалавеку пад ногі – гэта прадвесціць яму дабрабыт на цэлы год. Таму некаторыя людзі спецыяльна выходзілі ў поле – пашукаць камаху.

А ўвечары кожная сям’я збіралася на святочную вячэру. На стале абавязкова была ежа, прынесеная з поля. Таксама кожная гаспадыня брала з поля ў хату невялічкі снапок, які ўпрыгожвалі кветкамі і стужкамі і ставілі ў «чырвоным» куце.

Закаціся, жаркае сонейка,
За шэры бор.
А мы пойдзем вячэраці
У багаты двор.
У багатым дварэ –
Пірагі на стале.

Оставить комментарий (0)

Также вам может быть интересно